«З Новым годам!» – гэта такое асобнае сьвята
і ў параўнаньне ня йдзе з Новым годам.
"З Новым годам!» – адмова фінансавым стратам
і алкагольна-застольным нагодам.
«З Новым годам!» заўжды не залежыць ад даты
і мае у звычках падкрадвацца збоку:
«З Новым годам Вас і…»
Падсадзі мяне, тата!
я буду начэпліваць зорку», –
мне дзесяць, і я засынаю дзесьці,
не дачакаўшыся нават расейскіх
курантаў. Мяне абуджаюць паміж… –
« …а то Новы год прасьпіш.»
Заспаны, сядаю за стол зь ежай –
нават ня ведаю, што я з’ем першым –
а перад сном прыліпаю да шкла –
«Салюты нехта пускае! Клас!»
«З надыходзячым!» – мне ўсьміхнецца знаёмы.
«З прамінулымі!» – сьціпла руку пацісьне.
З надыходзячым адчуваньнем стомы.
З прамінулым дзяцінствам.
Калі сьвята было ледзь не галоўным –
і сьпяваюць; і танчаць; сьмяюцца клоўны;
а таямнічы картачны шулер
з тэлеэкрану нас павіншуе
і з Новым годам,
з Новым горадам,
і з Новым Палацам лядовым,
і з Новым Спартовым комплексам
і з Новай Нацыянальнай Бібліятэкай
у гэтай нястомнай краіне коміксаў
аб прыгодах паэтаў латэнтных.
А вось раніцою – час салодкіх знаходак –
о, так-так! (жуючы) – З Новым годам!
(аўтар верша Віталь Рыжкоў
http://ryzhkou.livejournal.com/57346.html)