Прадмова да руска-беларускага фiзiчнага слоўнiка Болсуна:
"СЛОВА ДА ЧЫТАЧА
У адпаведнасцi з прынятым парламентам Рэспублiкi Беларусь Законам аб мовах у школах i ВНУ рэспублiкi пачаўся паступовы пераход да выкладання фiзiкi на беларускай мове. Аднак гэты працэс разгортваецца пакуль што марудна. Гэта звязана з недахопам падручнiкаў, слоўнiкаў, метадычнай беларускамоўнай лiтаратуры, а таксама з тым, што некаторыя навукоўцы i выкладчыкi выступаюць супраць выкладання фiзiка-матэматычных дысцыплiн па-беларуску, спасылаючыся на адсутнасць адпаведнай тэрмiналогii на роднай мове. Аднак з апошнiм пагадзiцца цяжка. Добра вядома, што на працягу больш чым сямi апошнiх дзесяцiгоддзяў на Беларусi пастаянна працавалi, у большай цi меншай колькасцi, беларускамоўныя школы, на роднай мове выдавалiся неабходныя падручнiкi па фiзiцы, матэматыцы i iншых вучэбных прадметах, друкавалiся навуковыя працы, выходзiла метадычная i навукова-папулярная лiтаратура. Знамянальнай падзеяй у гiсторыi культуры i навукi Беларусi стала стварэнне першай нацыянальнай энцыклапедыi на роднай мове (БелСЭ, т. 1 —12, 1969—75). Зразумела, што ва ўсiх гэтых працэсах нельга было абысцiся без беларускай навуковай фiзiчнай тэрмiналогii — яна распрацоўвалася, iснавала, выкарыстоўвалася.
Трэба адзначыць, што праблема перакладу фiзiчных тэрмiнаў на бсларускую мову не такая ўжо складаная i цяжкавырашальная. Пераважную большасць гэтых тэрмiнаў складаюць iнтэрнацыянальныя словы. Iх пераклад не выклiкае асаблiвых сумненняў. Тое ж можна сказаць i пра значную колькасць спрадвечна рускiх лексем. Цяжкасцi ўзнiкаюць толькi пры перакладзе тых рускамоўных фiзiчных тэрмiнаў, для якiх у беларускай мове не зусiм легка знайсцi адназначныя, адэкватныя адпаведнiкi. Але колькасць такiх слоў невялiкая — усяго некалькi працэнтаў ад агульнага лiку ўсiх фiзiчных тэрмiнаў.
Фiзiкi добра ведаюць, што амаль кожны фiзiчны тэрмiн уводзiцца ў навуковую практыку ў значнай ступенi выпадкова, стыхiйна, без спецыяльнага абмеркавання i часта мае ўмоўны, чыста сiмвалiчны сэнс. Шырокае яго распаўсюджанне i ўсеагульнае выкарыстанне патрабуе пэўнага часу. Таму, калi сёння беларускiя фiзiчныя тэрмiны тыпу "электрычны ланцуг" або "метад узбурэнняў" здаюцца некаму нязвыклымi, "рэжуць вуха", то, мы ўпэўнены, з цягам часу яны стануць для нас такiмi ж звычайнымi, як адпаведныя, нiчым не лепшыя рускiя "электрическая цепь" i "метод возмущений".
"Руска-беларускi фiзiчны слоўнiк" А.I.Болсуна якраз i ставiць перад сабой мэту паскорыць пашырэнне беларускай фiзiчнай тэрмiналогii. Аўтар слоўнiка — кандыдат фiзiка-матэматычных навук, дацэнт, на працягу 25 гадоў займаецца распрацоўкай беларускай тэрмiналогii ў галiне дакладных прыродазнаўчых навук. Ён быў загадчыкам рэдакцыi фiзiкi. матэматыкi, хiмii i астраномii "Беларускай Савецкай Энцыклапедыi" ў той час, калi праца над першай 12-томнай БелСЭ толькi пачыналася i складалiся адпаведныя тэматычныя тэрмiналагiчныя слоўнiкi на беларускай мове. Шырокай папулярнасцю карыстаецца складзены А.I.Болсунам i Я.Н.Рапановiчам першы ў нашай рэспублiцы "Слоўнiк фiзiчных i астранамiчных тэрмiнаў" (Мн., 1979).
Аўтар слоўнiка паспяхова вырашыў пытаннi, звязаныя з адборам тэрмiнаў, iх размяшчэннем i падачай падрыхтаванага матэрыялу. Пры перакладзе на беларускую мову фiзiчных тэрмiнаў А.I.Болсун стараўся паслядоўна прытрымлiвацца характэрных для нашай мовы граматычных i правапiсных нормаў. У некаторых выпадках ён прапануе сiнанiмiчныя ва-рыянты перакладу адпаведнага рускага тэрмiна, спадзеючыся на далейшае замацаванне аднаго з iх у моўнай практыцы.
"Руска-беларускi фiзiчны слоўнiк" А.I.Болсуна не лiчыцца нарматыўным, але ён у значнай ступенi адпавядае тым высо-кiм патрабаванням, якiя павiнен задавальняць даведнiк такога тыпу.
Доктар фiзiка-матэматычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi
А.А.Богуш.
"
Хто такi Богуш:
http://nasb.gov.by/eng/publications/vestifm/vfm05_3a.htmlhttp://www.theorphysics.bsu.by/History/Bogush.htm