Вось, напрыклад, якія ёсць беларускія адпаведнікі для расійскіх тэрмінаў «унітаз» і «стаяк»? — прывяла прыклад Карач. (Яна мела на ўвазе стаяк каналізацыйны.)
«Усё, што ёсць [у беларускай тэрміналогіі] — гэта калькі з рускай мовы. У найлепшым выпадку — з польскай», — заявіла Карач.
А калі яе выказванні выклікала шквал абурэння, яна ўвайшла ў раж:
«Хамства — гэта адметная рыса беларускамоўных людзей, у якіх нават аргументаў няма, а толькі знявагі і мат.
Амаль кожны беларускамоўны з другога-трэцяга сказа пераходзіць на пагрозы». І дадала: «Прыхільнікаў Лукашэнкі ў беларускамоўных колах нашмат больш, чым сярод астатніх сацыяльных [sic!] групаў».
А таксама: «60 працэнтаў насельніцтва ненавідзіць тых, каго яны называюць «бнфаўцамі».
У адказ палемісты звінавацілі філолага па адукацыі Карач у элементарным невуцтве. Слова «ўнітаз» прыйшло ў рускую мову з лацінскага «Unitas» – назвы іспанскай фірмы, якая ў пачатку ХХ ст. першай пачала пастаўляць гэтую прадукцыю ў Расійскую імперыю.
Вольга Карач – актывістка апазіцыі ў Віцебску, былая дэпутатка гарсавета. Яна падумвае пра вылучэнне сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах.
У дыскусіі Карач далей паспрабавала згладзіць свае першыя, занадта эмацыйныя выказванні.
Яна сказала, што сама хоча аддаць дзіця ў беларускамоўны садок і школу і гатовая ўдзельнічаць у арганізацыі такіх установаў: «Патрэбны сур’ёзныя дзяржаўныя праграмы для развіцця беларускай мовы, у тым ліку для развіцця тэрміналогіі, а не тупой калькі з суседніх моваў. Але вы маеце права са мной не пагадзіцца і сказатць, што на сёння беларуская мова багатая і развітая, і дзяржаўныя праграмы падтрымкі ёй не трэба», — прымірэнча напісала яна. Але
«тытульная мова тытульнае нацыі — тая, на якой размаўляе большасць. У Беларусі гэта азначае — расейская. А не беларуская», — настойвае Карач.
«Хто яшчэ давярае Вользе Карач і лічыць яе перспектыўным палітыкам — з рэчамі на выхад», — пажартавала ў адказ выхавацелька дзіцячага садка з Мінска Юлія Шарова.
«Карач становіцца вельмі зручнай для рэжыму з мэтай дыскрэдытацыі апазіцыі і грамадзянскай супольнасьці ўвогуле», — мяркуе студэнт-беларус, які вучыцца ў Джорджтаўнскім універсітэце ў Вашынгтоне (ЗША) Валеры Кавалеўскі.
«Моўнае пытанне ў Беларусі — гэта такая трысьцінка, якая зламала спіну не аднаму вярблюду, — заўважыла журналістка Святлана Курс. — У той дыскусіі ёсць нашмат горшыя персанажы. І тыя беларускамоўныя, што там крылі мацюгамі [ў адказа Карач], і нейкая фэерычная «настаўніца беларускай мовы», якая расказвае пра мову гнюсныя показкі, — адзначае Курс. — Чамусьці ад беларускамоўных беларусаў вымагаецца галубіная кротасць: табе кажуць, што мова і літаратура касыя, крывыя і кульгавыя, а ты кротка паўтарай: не, дзядзечка і цётачка, «наша мова такая ж людская». А навошта? Каб дзядзечка і цётачка ад мяне і мае моўкі не адвярнуліся. А навошта мне такія дзядзечкі і цётачкі? Гэта тое ж самае, што суседка прыйдзе і скажа мне: вунь Мэрыл Стрып у Галівудзе цвіце, а твая мамулька ў касцюмчыку фірмы «Світанак» і ў гумавых ботах гародчык палівае. Дык Мэрыл Стрып — каралева, а твая мама — ну, сама панімаеш. Як мне адрэагаваць? Бараніць маму — дурасць, бо і яна, і Мэрыл — цудоўныя. Я такой суседцы скажу: а ідзі ты, Марфуша, лесам, каб я цябе ня бачыла».
Святлана Курс выдаліла Карач з фрэндаў.
Сяргей Гезгала
http://nn.by/?c=ar&i=122051&fb_action_ids=537215576376896&fb_action_types=og.likes&fb_ref=.UvCntR356rw.like&fb_source=other_multiline&action_object_map=%5B1393835380876551%5D&action_type_map=%5B%22og.likes%22%5D&action_ref_map=%5B%22.UvCntR356rw.like%22%5D