ГЕНАЦЫД БЕЛАРУСКАГА СЯЛЯНСТВА
Беларуская вёска на працягу стагодзьдзяў, была той крыніцай, якая захоўвала існаваньне беларушчыны і найперш, натуральна - беларускую мову, што было галоўным багацьцем, неабходным для існаваньня нацыі і дзяржавы.
Разумеючы гэта расейскі камунізм пачаў у 20-стагодзьдзі мэтанакіраванае зьнішчэньне беларускай вёскі.
Для аналізу таго, што адбывалася і адбываецца, можна скарыстацца найперш перапісамі насельніцтва і іншымі даступнымі статыстычнымі дадзенымі.
Першы ўдар па беларускай вёсцы (а значыць і па беларускаму народу) быў нанесены ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя. Раней (гл. артыкул "Расейскае зьнішчэньне Беларусі працягваецца") мы ўжо казалі, што ў прамежку, паміж 1926 і 1937 гг. насельніцтва Беларусі практычна не вырасла, хоць натуральны прырост насельніцтва быў высокім, "зьнік" амаль 1 млн. чалавек (пры тым, што насельніцтва Расеі павялічылася за гэты перыяд больш за 21%). З "вызваленьнем" Заходняй Беларусі, 10 адсодкаў, альбо прыкладна 500 000 чалавек насельніцтва далучаных беларускіх зямель, было рэпрэсавана расейскай камуністычнай уладай. Гэта значыць, што да Другой сусьветнай вайны, каля 1,5 млн. беларусаў патрапілі пад рэпрэсіі акупацыйнай улады.
(Варта ўлічыць, што слова "прыкладна" і ягоныя сынонімы ўжываюцца таму, што абсалютна дакладных лічбаў па фізічнаму зьнішчэньню і іншых відах рэпрэсіяў беларусаў, і да сёньня, у адкрытым доступе няма, таму даводзіцца карыстацца ўскоснымі дадзенымі з розных крыніцаў, атрыманых шляхам разьлікаў і параўнаньняў.
Вынікі перапісу насельніцтва 1937 г. выклікалі шаленства ў Сталіна і былі літаральна адразу засакрэчаны і абвешчаны шкодніцкімі, а адказныя службоўцы былі арыштаваныя і рэпрэсаваныя. Менавіта таму, праз два гады, у 1939 г. быў праведзены новы перапіс насельніцтва. Весткі пра перапіс 1937 г. упершыню былі апублікаваныя ў 1990 годзе).
Кажучы пра тое, што асноўны ўдар даваенных рэпрэсіяў прыйшоўся на беларускае сялянства, варта памятаць, што ў 1926 годзе, 83% насельніцтва Беларусі былі сяляне і гэта паказчык істотна не зьмяніўся да пачатку вайны.
Калектывізацыя - была галоўным інстурумэнтам рэпрэсіяў. Так тыя, хто забясьпечваў функцыянаваньне сельскай гаспадаркі краіны, гэта былі амаль 70% беларускіх сялянаў - сярэднія па заможнасьці сяляне і так званыя кулакі. Менавіта па ім і быў нанесяны асноўны, рэпрэсіўны ўдар бальшавіцкай улады.
У гады вайны, у тым ліку і праз развязаную Масквой партызанку, прывялі да зьнішчэньня 782,2 тысячаў чалавек вясковага беларускага насельніцтва.
Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны працягвалася гвалтоўнае скарачэньне вясковага насельніцтва. З 1950 г. і да пачатку 1960 г. зь Беларусі выехала на засваеньне цалінных зямель каля 0,9 млн. чалавек, пераважна з вясковай моладзі.
Апрача іншага, ажыцяўлялася будаўніцтва заводаў на Беларусі і на прасторах СССР куды бегла ад "заможнага" калгаснага жыцьця беларуская моладзь. Да 1965 г. былі пабудаваныя беларускія індустрыяльныя гіганты - МАЗ, БелАЗ, МТЗ, ММЗ, "Інтэграл", Полацкі НПЗ, МоАЗ, "Азот" і г.д. дзе асноўнай працоўнай сілай сталі ўчарашнія сяляне. Гарады, пры штучнай адсутнасьці беспрацоўя, усмоктвалі вялізарную колькасьць сялянаў. Так з 1965 г. па 1980 г. колькасьць сельскага насельніцтва Беларусі скарацілася на 1 млн. чалавек.
Нас супакойваюць тым, што маўляў на Захадзе, у разьвітых краінах, доля сельскага насельніцтва, якое занятае ў сельскай гаспадарцы сягае да 3-4,5%. Быццам бы і праўда, але гэта не поўная праўда. Размова ідзе пра тых, хто заняты ў сельскай гаспадарцы, а не пра тых,хто жыве ў вёсках. У разьвітых краінах Эўропы адбылося пераразьмеркаваньне працоўнай сілы, у асноўным, без зьнішчэньня сельскіх неселяных пунктаў. Была пабудаваная разьвітая сетка дарог (аўта і чыгуначных) з добра функцыянуючым транспартам (апрача вялікай колькасьці ў насельніцтва ўласнага транспарта), што дазваляе сельскаму насельніцтву працаваць у бліжэйшых, больш буйных населяных пунктах, зьявіліся працоўныя мейсцы ў сельскай мясцовасьці, у іншых галінах народнай гаспадаркі - пераапроцоўцы, дробнай вытворчасьці і г.д. Добра працуе дастаўка школьнікаў ад хаты да мейсцаў навучаньня і іншае.
Наступным моцным ударам, па беларускай вёсцы, сталі пасьлядоўна - меліярацыя, узбуйненьне гаспадарак, зьнішчэньне "неперспэктыўных вёсак", Чарнобыльская катастрофа, экспэрымэнт з "аграгарадкамі". Такой сялянскай катастрофы ня ведала ніводная краіна Эўропы!
Калі ў 1955 годзе на Беларусі было 32 089 вёсак, дык трошкі, больш чым праз 50 гадоў, у 2009 годзе колькасьць вёсак ужо складала 23 549, пры долі сельскага насельніцтва ў краіне 26,8 %. Такім чынам, за 80 гадоў доля сельскага насельніцтва Беларусі была скарочана на 56,2%. Зараз, без насельніцтва(!) на Беларусі існуе 1 395 вёсак і хутароў.
Алькагалізацыя сельскага насельніцтва Беларусі, амаральнась на вёсцы з-за зьнішчанай беларускай царквы і касьцела, прышчэпленая сялянам чужой уладай абыякавасьць (нават да ўласнага жыцья), адсутнасьць жыцьцёвай перспэктывы, адарванасьць ад выгодаў цывілізацыі - мэдычнага,культурнага і пабытовага забесьпячэньня, зьнішчаная зацікаўленасьць у выніках сваёй працы, - праз ліквідацыю прыватнай уласнасьці на зямлю, поўнае беспраўе беларускага сяляніна перад любым кіраўніком - толькі тое, што часткова ўзгадана з "заслугаў" антыбеларускай улады перад нашай вёскай. І яе зьнішчэньне працягваецца...
Бенедзікт
https://pieramoha.org/artykuly/hienacyd-bielaruskaha-sialianstva