Поўны тэкст прамовы кардынала Тарчызіо Бэртонэ падчас сустрэчы ў грэка-каталіцкім цэнтры ў Мінску 19 чэрвеня 2008 г.
Няхай Бог благаславіць грэка-каталіцкую супольнасць Беларусі!Дарагі Архімандрыт, Апостальскі Візітатар для грэка-каталіцкай супольнасці Беларусі, дарагія браты ў біскупстве, паважаныя прадстаўнікі ўладаў, дарагія святары, манахі і сёстры законныя, дарагія семінарысты, дарагія браты і сёстры!
Гэтая нашая сустрэча кароткая, але вельмі насычаная і па-сямейнаму цёплая. Дзякуй за вашу сардэчную гасціну ў гэтым душпастырскім цэнтры імя святога Язэпа, апекуна Царквы.
Я хацеў бы прывітаць усіх вас з вялікай сардэчнасцю. Перш за ўсё вітаю Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у Беларусі дастойнага Архімандрыта Яна Сяргея Гаека і дзякую яму за ветлівыя словы прывітання, якія ён скіраваў да мяне ад імя ўсіх вас.
Вітаю прадстаўнікоў духавенства і вернікаў вашай супольнасці, якія ад вашага імя выказалі нам сардэчнае прывітанне, усім вам таксама вялікі дзякуй.
Вітаю біскупаў, тут прысутных, а ў першую чаргу — Апостальскага Нунцыя, Яго Эксцэленцыю Арцыбіскупа Марціна Відавіча, які прадстаўляе тут, у Беларусі, Святога Айца.
Вітаю прадстаўнікоў улады, якія пажадалі прыняць удзел у гэтай нашай сустрэчы.
Да Яго Святасці Бэнэдыкта XVI хочам скіраваць цяпер нашыя думкі. Я знаходжуся тут, сярод вас, ад Яго імя, і прыношу вам Яго прывітанне і Яго благаслаўленне, а таксама запэўніваю вас у Яго сталым клопаце пра вашую супольнасць. Я ведаю, што вялікая ваша вернасць Яму і за гэта дзякую вам.
Еднасць у разнастайнасці абрадаў, формаў і культураў — гэта вялікае багацце Каталіцкага Касцёла; яна з’яўляецца скарбам царкоўнай лучнасці, якую мы павінны рупліва захоўваць, абараняючы яе ад усялякай рызыкі і небяспекі.
Каб застацца вернымі гэтай еднасці, шматлікія мучанікі на працягу стагоддзяў пралівалі сваю кроў, як святамучанік Язафат — святы, які вельмі дарагі вам і ўсім католікам. Пан кліча ўсіх нас наследваць тых нашых братоў і сёстраў у веры, сведчанне якіх ззяе яскравым прыкладам і заахвочвае трываць у вернасці Евангеллю, таксама сярод цяжкасцяў і выклікаў сучаснага свету.
Калі я ўваходзіў у гэты ваш душпастырскі цэнтр, у гэтае месца малітвы, дзе збіраецца вашая супольнасць, я адчуў веру, якую ў вас ажыўляюць шматлікія іконы, якія вы шануеце з вялікай пабожнасцю. Таму я сапраўды рады, што мог асвяціць ікону святога Язэпа, якая застанецца памяткай гэтага майго візіту ў вашым доме. Вы з’яўляецеся спадкаемцамі старажытнай літургічнай і кананічнай традыцыі, якая ў святой Божай Царкве мае поўную годнасць.
Святому Язэпу — гэтаму святому, які быў выбраны, каб клапаціцца пра Езуса і Яго Маці, Дзеву Марыю, — давяраю ўсіх вас, вашыя сем’і, а асабліва моладзь. Няхай святы Язэп прыдбае вам дар давесці да поўнага завяршэння місію, якую Бог прызначае кожнаму з вас; ён няхай благаславіць ды апякуецца вашымі сем’ямі; няхай узбудзіць пакліканні да святарства і да прысвечанага Богу жыцця; няхай ён сцеражэ ваш горад і ваш народ.
З любоўю паўтараю вам маю самую шчырую падзяку за вашую гасціну і з гэтымі пачуццямі ў малітве выпрошваю для ўсіх вас тут прысутных матчынае заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Божай і Маці Царквы, Маці еднасці ды Зоркі мужнай надзеі.
У Яе рукі давяраю вас, каб вы маглі крочыць заўсёды з’яднанымі, а таксама трываць у вернасці Яе Сыну Езусу Хрысту. Яшчэ раз дзякуй!
Няхай Бог благаславіць грэка-каталіцкую супольнасць Беларусі!
http://catholic.by/p2/index.php?option=com_content&task=view&id=4849&Itemid=9&rrr