Jendrus
|
Ниже информация к размышлению. Источник - пока ещё не вышедшее 2-е издание "От Коложи до Фортов" (в новой редакции будет чуть иное название)... При случае - спасибо всем, кто участвовал в её написании. 1 Дзержинского, 20а – Пабудаваны ў 1920-х гг. Драўляны, двухпавярховы, з элементамі канструктывізму. Будынкам, які выконваў функцыі гатэля і меў назву “гусарскага дома” (з-за кантынгента наведвальнікаў), валодала пані Марыся, якая жыла ў дамку побач. Запланаваны пад знос. 2 Кирова, 43 – Дом Гершуна. Год пабудовы – 1900. Эклектыка. 3 Б.Троицкая, 33 – Год пабудовы – 1900. Прыклад эклектыкі 4 Социалистическая, 62 Год пабудовы – 1890. Двухпавярховы, атынкаваны, на высокім цокалі, цагляны дом, дэкаратыўная аздоба якога сканцэнтравана на парадным фасадзе будынка. Карніз і дэкарацыйныя міжпаверхавы і падаконныя паясы прафіляваны. Вокны ўпрыгожаны цаглянымі ліштвамі. Першы паверх руставаны. Будынак аздабляе па цэнтры аркавы праезд, падкрэслены, як і куты параднага фасада, пілястрамі, па баках – першапачаткова літыя чыгунныя балконы. Будынак – прыклад эклектыкі ў ансамблі. 5 Урицкого, 19 – Верагодна, дом Рапорта. Год пабудовы – 1890. Эклектыка. 6 Академическая, 14 – Дом Цэцыліі Ваёўнік. Год пабудовы — 1895. Двухпавярховы, неатынкаваны, з жоўтай цэглы дом, дэкаратыўная аздоба якога сканцэнтравана на парадным фасадзе будынка. Карніз і дэкарацыйны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Лучковыя перамычкі вокнаў другога паверха маюць сандрыкавае завяршэнне з кансолямі. Першы паверх задэкараваны рустам. Па баках – уваходы, аздобленыя пілястрамі, па цэнтры месціўся літы чыгунны балкон – хутчэй за ўсё работы Вячоркі з Беластока. Эклектыка. 7 Антонова, 4/1– Пабудаваны ў пачатку XX ст. 8 Советская, 7 - – Дом Фукса, магчыма, дом Допельберга, дом Хозэ (з 1915 г.). Фактычна дом складаецца з двух будынкаў. Першы дом – далей ад Савецкай плошчы (крама “Оптика”), другі – дзе быў варотны праезд (пераўтвораны ў бар). Спачатку аб доме, бліжэй да Савецкай плошчы. На яго месцы ў 1795 – 1823 гг. быў пабудаваны меншы па памерах дом. Каля 1832 г. тут з’явіўся такі самы дом, як існуючы, двухпавяховы і з варотным праездам. У перыяд з 1832 па 1861 г. гэты дом уяўляў адзінае цэлае з домам № 5 і належаў Л. Фуксу. На 1861 г. гэтая частка дома была двухпавярховая, з крутым двухскатным дахам і мансардамі. Удава Л. Фукса праходзіла як пацярпелая ад пажара ў 1885 г., пасля якога рамонт дома (разам з пабудовай флігеляў) скончыўся да 1899 г. Дом меў нізкі, крыты бляхай дах і быў вельмі сціпла дэкараваны, у цэлым набыўшы сучасны выгляд. З боку галоўнага фасада было два ўваходы (адзін – там, дзе і зараз, з лесвіцай наверх), другі – не там, дзе зараз, а пад балконам. Праз цяперашні другі ўваход у 1924 г. можна было патрапіць ў краму гатовага адзення. Зараз аб той частцы дома, дзе знаходзіцца крама “Оптика”. Па звестках Т. Маліноўскай, у сярэдзіне XVIII ст. на гэтым месцы стаяў “палац з афіцынамі пана Александровіча”. У 1794 г. пляц быў набыты гродзенскім пекарам Янам Крыштапам Раўтэнбергам. У 1858 г. дом быў апісаны за даўгі і прададзены стацкаму саветніку Гану і купцам Фуксам: Лейбу і яго жонцы Фейзе. Вядома, што перад 1861 г. да каменнага двухпавярховага дома ўздоўж вул. Савецкай прымыкаў аб’ем, што выходзіў у завулак. Прытым частка яго была каменнай (ці фахверкавай). Аднак план 1861 г. непасрэдна сведчыць, што дом на гэтым месцы быў драўляны, 1,5 павярховы і працягваўся ўздоўж участка каменным сараем. Пасля пажара 1885 г. гэты драўляны дом быў разабраны і да 1910 г. пабудаваны новы дом. Пры гэтым каменны сарай стаў двухпавярховым, тут размяшчаліся аптэка і друкарня. Дом багата дэкараваны на ўзроўні другога паверха, на першым паверсе дэкору не было, аднак вокны мелі стаўні. З завулка было тры ўваходы: у друкарню, кантору і склад. Балконы паходзілі, хутчэй за ўсё, з майстэрні Качаноў. У доме арандаваў кватэру Ільдэфонс Мілевіч – гродзенскі каморнік, які падчас студзеньскага паўстання быў сакратаром паўстанцкага цывільнага начальніка. На кватэры Мілевіча, як і ў доме Ромераў, адбываліся патаемныя сустрэчы кіраўнікоў паўстання, прыпыняўся Канстанцін Вікенці Каліноўскі. Пасля пажару 1885 г. тут з’явіліся крамы Лапіна, Зільбермана, Красіўца. У 1889 г. быў адчынены магазін канцтавараў Соры Ган. У розныя гады тут мясціліся кватэра прысяжнага паверанага Гарбоўскага, камера натарыуса Шахновіча, Таварыства страхавання жыцця “Нью-Йорк” (1894 г.); “скоропечатная” Маркуса Лапіна (1910 г.); натарыяльная кантора Рашэтнева (1911 г.). У 1926 г. працавала балетная школа Вяршынскага-Траўбэ, пры якой, між іншым, былі адчынены драматычна-кінематаграфічныя курсы, на якіх выкладалі артысты з трупы “Рэдута”. Варта асобна ўзгадаць пра гродзенскія аптэкі, якія працавалі ў будынку на гэтым самым месцы. Верагодна, што ў 1815 г. тут адкрыў уласную аптэку Я. Румель [гл. – парк Румлёўскі]. На той момант яна была трэцяй па ліку ў горадзе. За гады працы ў Гродне Румель паказаў сабе спрактыкаваным правізарам, які ўважліва сачыў за навінамі навукі. Штогадовыя праверкі мясцовай урачэбнай управы заўсёды паказвалі на тое, што аптэка знаходзілася ў належным для такіх устаноў стане і лекі рыхтаваліся ў ёй “найлепшым чынам”. Пры аптэцы Якаў Румель добра абсталяваў лабараторыю, што дазволіла яму не толькі якасна рабіць лекі, але і праводзіць фізічныя і хімічныя даследаванні. У аптэцы прадаваліся таксама парфюмерныя і кандытарскія тавары. Пазней аптэка перайшла да Л. Дзічкоўскага. На пачатак ХХ ст. тут узгадваецца новы гаспадар – Нестаровіч, а на 1903 г. – Атовіч. У 1937 г. у доме жыў Давід Беразоўскі – рэдактар мясцовай яўрэйскай газеты “Grodner Moment”. У верасні 1944 г. будынак і два флігелі былі перададзены “Управлению строительно-восстановительных работ” Беластоцкай чыгункі. У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў на першым паверсе працавала сталоўка рамеснага вучылішча № 14, а з 1 жніўня 1952 г. – адчынена дыетычная сталоўка. З 1960-х гадоў тут працуе крама “Оптика”. У гістарычным плане будынак цікавы яшчэ і тым, што, па сутнасці, акрэслівае паўночную мяжу былой юрыздыкі Александровічаў. 8. Островского, 4 а – Пабудаваны ў канцы 1920-я гг. Двухпавярховы цагляны шматкватэрны дом, накрыты высокім дахам са шматлікімі вокнамі паддашша. Рызалітамі выступаюць аднапавярховыя кутнія модулі, а таксама высокі лесвічны блок. Сцены пакрыты гладкім тынкам. Вялікія шырокія вокны надаюць будынку асаблівую параднасць 9. Василька, 33 – Пабудаваны з 1903 г. Магчыма, уваходзіў у комплекс дзіцячага прытулку. Камбінаваны адна-двухпавярховы атынкаваны цагляны асабняк. Аздоблены па цэнтры доўгіх фасадаў паўцыркульнымі франтонамі з прафіляванымі карнізамі, якія абапіраюцца на пілястры. Будынак – прыклад мадэрна. Рамантаваўся ў 1950 г. З 1945 г. тут працаваў навучальны комплекс спецшколы-інтэрната для сляпых дзяцей. Дом планавалася знесці яшчэ ў 1981 г. 10. 1 Трудовая, 8, 10, 12 – Пабудаваныя ў пачатку XX ст. Эклектыка. 11. Буденного, 26 - – Пабудаваны ў 1875 – 1876 гг. дваранінам Сямёнам Іванавічам Багатырэвічам. З канца 1870-х гг. тут працавала алоўкавая фабрыка з паравым прывадам сына харкаўскага купца Маісея Эльяшава. 12. Виленская, 37 – Пабудаваны ў пачатку XX ст. Драўляны дом на мураваным цокалі. 13. Краснопартизанская, 64 - – Пабудаваны ў 1920-х – 1930-х гг. Аднапавярховы драўляны дом, накрыты неапраўдана высокім бляшаным дахам з мезанінам на два фасады. Меў балкон-казырок над парадным уваходам. Сцены ашаляваны гарызантальна вагонкай. Уся мастацкая выразнасць будынка перанесена на дах, які далёка навісае над плоскім карнізам. Будынак – яскравы прыклад польскага мадэрна на Беларусі ў ансамблі. У першай палове жніўня 2011 г. здарыўся пажар, які моцна пашкодзіў будынак, што па-сутнасці перадвызначыла яго лёс. 14. Реймонта, 20а - Дом Савакія Васільевіча Шаўчэнкі (памёр у 1983 г.) Гаспадар дома – былы сябра Кіеўскай гарадской думы, украінскі патрыёт. У 1920 годзе на польскім караблі ўцёк ад бальшавікоў з Крыма. На карабль пасадзіў яго сябра паляк Вішнеўскі. З сабой нічога не захапіў, толькі світку, якая нагадвала яму пра Украіну. Пасля працаваў каля Любліна ў памешчыцы-ўдавы ў разбураным маёнтку. Купіў у Гродне кавалак зямлі ў князя Друцкага-Любецкага. Паставіў перавезеную з вёскі хату, потым пабудаваў дом - Рэйманта № 20. Не ўмеў гаварыць па-польску, прынцыпова гаварыў па-руску ці па-ўкраінску. 15. Волковича, 23 – Дом Капылова, дом суддзі Аніхімоўскага. Пабудаваны ў пачатку XX ст. Двухпавярховы Г-падобны драўляны (будаваўся, хутчэй за ўсё, у дзве чаргі) дом, накрыты невысокім двухскатным бляшаным дахам. Сцены ашаляваны гарызантальна вагонкай, пад вокнамі вертыкальна, вокны і дзверы маюць філёнгавае абрамленне. На парадным фасадзе засталіся рэшткі декаратыўнага вільчыка і падзора. Шырокія дэкарацыйныя паясы, якія ўтвораны накладной вертыкальнай шалёўкай з прапілаванымі канцамі складанай формы тройчы апаясваюць старэйшую частку будынка. Каштоўнасць таксама ўяўляюць ліштвы, сандрыкападобныя, тонка прапілаваныя з аднаго кавалка дошкі. Кампазіцыйным акцэнтам старэйшага корпуса з’яўляецца эркер, які месціцца асіметрычна на парадным фасадзе. Аздобай больш новай часткі з’яўляюцца мадэрнавыя філёнгавыя рамы зашклёнага ганка, на даху якога арганізавана тэраса. Будынак – яскравы акцэнтны прыклад рускага драўлянага мадэрна. Згодна з Н. Канюк, да Другой сусветнай вайны каля дому былі фантан і скульптурная кампазіцыя. Перад будынкам захавалася мураваная крамка (без нумара) з пачатку мінулага стагоддзя. Запланаваны пад знос. 16. 2 Трудовая, 3– Пабудаваны ў пачатку XX ст. Двухпавярховы мураваны будынак. Эклектыка. 17. Ленина, 17 – Дом Прэабражэнскай. Пабудаваны ў пачатку XX ст. Аднапавярховы атынкаваны цагляны дом, дэкаратыўная аздоба якога сканцэнтравана на парадным фасадзе будынка. Карніз і дэкарацыйныя фрызавы і падаконны паясы прафіляваны. Фасад аздоблены імітацыяй руста і бакавых рызалітаў. Будынак – прыклад эклектыкі ў ансамблі. У 1920-х – 1930-х гг. тут мясціліся г.зв. “Polski robotniczy кlub” і знаходзілася большасць прафсаюзных арганізацый горада – друкароў, металістаў, мукамолаў, працаўнікоў тытунёвай вытворчасці і гастранамічнай сферы. 18. Ожешко, 45 – Дом Эпштэйна. Год пабудовы – 1900. Вельмі простая эклектыка. Двухпавярховы атынкаваны цагляны дом. Карніз і дэкарацыйны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Дэкарацыйная аздоба моцна пацярпела па часе эксплуатацыі. Засталіся па цэнтры франтон і каваны балкон. 7 ліпеня 1948 г. памяшканне на першым паверсе, якое займаў прыватны фотамайстар Нікалаеў, было перададзена пад краму школьных прылад. У другой частцы дома на першым паверсе знаходзілася піўная трэста сталовых і рэстаранаў, якую ў верасні 1950 г. перадалі пад кватэру. У 1970 г. у будынку працавала крама № 14 “Сорочки”. 19.Ожешко, 47 – Дом Карповіча. Пабудаваны ў 1909 г. У 1914 г. дабудаваны паверх. Пры перабудове дом быў атынкаваны. Фактурная “шуба” кантрастуе з гладкімі шыбамі. Трохпавярховы атынкаваны цагляны дом. Карніз прафіляваны. Дэкарацыйная аздоба моцна пацярпела па часе эксплуатацыі. Засталіся рэшткі парных пілястраў. Будынак – прыклад эклектыкі. Належаў Мечыславу Карповічу. У жніўні 1947 г. памяшканне майстэрні па рамонту вопраткі на першым паверсе дома было перададзена пад аптэку. У 1960-я гг. тут працавала крама агародніны. На плане 1867 г. на месцы гэтага дома паказаны драўляны будынак.
Добавлено: 01 Март 2012, 17:17:59 20. Тизенгауза, 4 – Музычны флігель, музычная школа, “Крывая афіцына”, тэатральная афіцына, дом купца Булькаўштэйна, Віленскі зямельны банк (1907 г.), дом Друцкага-Любецкага, дом Сент-Поля, казармы сапёрнага батальёна (1915 г.), Offiziersheimmie SS. Пабудаваны каля 1765 г. з цэглы. Будынак крывалінейны ў плане, што было абумоўлена асаблівасцю архітэктурнага ансамбля плошчы. Першапачаткова быў двухпавярховы, з мансардай, меў калідорную планіроўку. На першым і другім паверхах размяшчаліся невялікія залы і класы для заняткаў. У мансардзе аналагічнай планіроўкі жылі навучэнцы і настаўнікі. Першы паверх меў з боку плошчы арачную галерэю з пандусамі. Сцены будынка былі падзелены шырокімі лапаткамі, філёнгамі пад вокнамі і ўвенчаны карнізамі. Падлогі першага паверха і галерэі былі выкладзены цэглай. Дах быў пакрыты хвалістай чарапіцай. Пры перабудове мансарды ў трэці паверх у пластычным афармленні былі выкарыстаны элементы першых двух паверхаў, што дазволіла стварыць суцэльную кампазіцыю фасадаў. Захаваўся ў перабудаваным выглядзе: цалкам зменена планіроўка, мансардавы паверх перароблены ў звычайны, замуравана галерэя першага паверха, зроблены балконы. Уваходзіў у ансамбль будынкаў на Гарадніцы і быў адным з ключавых у кампазіцыі плошчы. Верагодна, што яго будаўніцтва пачалося яшчэ архітэктарам Мёзерам, а дабудаваў яго ужо архітэктар Д. Сака. Можна меркаваць, што існаванне галерэяў на першым паверсе будынка і запланаванай “каравульнай” насупраць сведчыла аб намеры вакарыстоўваць плошчу для арганізацыі тэатральных пастановак на адкрытым паветры. Няма сумневу, што падчас заканчэння будовы Д. Сака ўнёс у будынак значную меру сваёй індывідуальнасці (напрыклад, форма даху будынка нагадвала дах палаца ў Свяцку, які акурат ў гэты час будаваўся па праекце Д. Сака). У гэтым будынку знаходзілася музычная школа, створаная А. Тызенгаўзам для папаўнення опернай і балетнай труп і аркестра гродзенскага тэатра. Асноўны склад вучняў — дзеці прыгонных і мяшчан. Школа мела тры класы, рыхтавала танцоўшчыкаў, вакалістаў і музыкантаў. Хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі іграць на скрыпцы, віяланчэлі, кантрабасе, флейце, фагоце, габоі, валторне, трубе і клавікордзе. У праграме былі таксама танец, спевы, нотная грамата, тэорыя музыкі, кампазіцыя. Выкладаліся пісьмо, арыфметыка, маляванне, французская і італьянская мовы. Кіраўнік школы – капельмайстар і скрыпач Л. Сітанскі. Сярод педагогаў – Б. і С. Сітанскія, Т. Вежбаловіч, А. Тумін, Е. Баркоўскі, Д. Пташынскі, італьянскі кампазітар і капельмайстар К. Абатэ, італьянскі харэограф Г. Пецінеці. Сярод выкладчыкаў-харэографаў былі французскі балетмайстар Ф. Г. Леду, прыгонны танцоўшчык А. Рымінскі. У 1780 г. школа пераведзена ў Паставы. Пасля ад’езда трупы ў Варшаву ў будынку пасяліліся музыканты капэлы, частка з якіх жыла ў ім па меншай меры да 1795 г. Менавіта гэты будынак меў на ўвазе Жылібер, які ў сваёй запісцы ад 12 ліпеня 1780 г. скардзіўся каралю: “палац для музыкантаў быў раскошна пачаты, скончаны, умэбляваны і гэтыя людзі ў ім жывуць”. Паводле першапачатковай задумы Ёгана Мёзэра ніякай тэатральнай або музычнай “спецыялізацыі” гэты будынак не меў. Праект Мёзэра і далейшыя будаўнічыя задумы Д. Сака рэалізоўваліся больш марудна, чым ажыццяўляў сваю кіпучую дзейнасць Тызенгаўз. А. Тызенгаўз заснаваў тэатральную школу ў 1774 г. Яшчэ да адкрыцця школы пачалася падрыхтоўка музыкантаў скрыпачом гродзенскай капэлы Тадэвушам Вержбаловічам (з 26 ліпеня 1769 г.). У “Рэестры па-каралеўскіх валоданняў у Гродне”, складзеным у 1795 г. пасля абдыкацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, будынак праходзіў пад назвай “афіцына крывая каменная”. Тут былі размешчаны службы губернатарскага палаца, аднак у 1816 г. было вырашана перабудаваць яго пад казармы. Паміж 1837 і 1848 гг. будынак быў выкуплены купцом Булькаўштэйнам з мэтай перабудаваць яго і здаваць у арэнту пад “казённыя патрэбы” (для кантрольнай палаты). Менавіта перабудова Булькаўштэйнам (скончана да сакавіка 1856 г.) у цэлым і надала будынку сучасны выгляд. Пазней дом быў прададзены купцом графу Друцкаму-Любецкаму. На 1910 г. тут знаходзіліся казармы сапёрнага батальёна. У 1912 г. будынкам валодала Часлава Сен-Поль. Нейкі час (магчыма, ў час Першай сусветнай вайны) у будынку знаходзіліся казармы. “Крывая афіцына” выкарыстоўвалася як даходны дом, г.зн. была прыстасавана пад жылыя памяшканні. У 1924 г. новы ўладальнік Юзаф Леон Стралец пачаў рамонт будынка, які завяршыўся ў 1928 г. Вынікам рамонта стала з’яўленне люкарны і некаторыя іншыя дэталі дэкора. Былі перасунуты (ссунуты) балконы. У 1956 г. будынак быў грунтоўна перабудаваны ўнутры з мэтай прыстасавання пад жытло. У 1988 г. была праведзена рэстаўрацыя фасадаў будынка (архітэктар А. Алізаровіч). У канцы 1980-х гг. рабіліся прапановы прыстасаваць частку будынка пад музей гісторыі гродзенскага тэатра. Падобны па форме будынак на процілеглым баку плошчы так ніколі не быў пабудаваны, хаця, гледзячы па ўсім, будаўніцтва яго распачалося. У час земляных прац у пачатку мая 1987 г. на месцы меркаванага знаходжання будынка-“блізнюка” “крывой афіцыны” былі адшуканы скляпеністыя падмуркі з буйнапамернай цэглы XVIII ст. Частка фундаманта, адкрытая для агляду, аднак, была занадта малой, каб з дакладанасцю сцвердзіць, што гэта мог быць падмурак другой “крывой афіцыны”. На планах Гродна і Гарадніцы 1780, 1795 і 1823 гг. ніякага будынка на гэтым месцы няма. Тым не менш на “варшаўскім” плане Гарадніцы 1780 г. бачна, што паводле праекта насупраць сучаснай “крывой афіцыны” павінна была мясціцца каравульная. 21. Тизенгауза, 4б – Дом лясной адміністрацыі. Верагодна, пабудаваны з цэглы ў 1770 г. па праекце I. Мёзера. Уваходзіў у архітэктурны комплекс Гарадніцы. Будынак двухпавярховы, прамавугольны ў плане. Вальмавы дах з мансардамі на тарцовых фасадах з’яўляецца асноўным элементам кампазіцыі. Першы паверх аддзелены ад другога гарызантальным паяском. Цэнтральныя часткі падоўжных фасадаў вылучаны рызалітамі. Вокны прамавугольныя, завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам. Унутраная планіроўка калідорная, пакоі размешчаны па перыметры будынка. Прыклад архітэктуры барока. Магчыма, у 1775 – 1780 гг. тут працавала акушэрская школа. У 1899 – 1915 гг. уваходзіў у комплекс акруговай бальніцы. Цяпер выкарыстоўваецца пад жыллё. Стан будынка патрабуе звыштэрміновай комплекснай рэстаўрацыі са зменай яго профілю. 22. Советская, 1 - – “Дом мейскі гасцінны”, Мураваная гарадская карчма, камяніца Зеляпугі (Зелянугі), палац князёў Сангушкаў, гродзенскі кадэцкі корпус, аптэка па Дамініканскай, дом Кацанэленбогена, дом Левінсона, фотамайстэрня Л. Гельгора, дыетычная сталоўка, крама “Цацкі”, крама “Ратушная”. Пабудаваны ў ХVІ ст. – 1742 г. Неаднаразова перабудоўваўся. Двухпавярховы, вуглавы, П-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам (спачатку складаўся з двух самастойных аб'ёмаў). Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная. Першы паверх, які выкарыстоўваецца прадпрыемствамі гандлю, аддзелены ад другога карнізам. Галоўны фасад завершаны высокім двух'ярусным франтонам. У верхняй частцы маецца круглае дахавае акно, у ніжняй – мансардавае памяшканне з прамавугольнымі вокнамі. Дах спачатку быў з дахоўкі, пазней значная яе частка заменена бляхай. Пасля апошняй рэканструкцыі – зноў з дахоўкі. Згодна Ю. Гардзееву, гарадская карчма – “Дом мейскі гасцінны” на рагу Рынка і вуліцы Віленскай – была пабудавана ў XVI ст., аднак можна меркаваць, што старадаўняя рынкавая карчма існавала задоўга да атрымання горадам у 1496 г. прывілея на магдэбургскае права. Яе ўзвядзенне ў такім рухлівым пункце горада тлумачыцца патрэбамі гарадской супольнасці. У 1579 г. згодна з прывілеем Стэфана Баторыя, карчма была вызвалена ад платы капшчызны ці падатку з рэалізацыі алкагольных напояў: піва, мёду і гарэлкі. У другой палове XVII ст. уладальнікам гэтага пляца, забудаванага невялікай крамай, быў нейкі Самаш. На суседнім участку жыў гродзенскі аптэкар і лаўнік магістрата Адам Ярашэвіч, які ў 1659 г. купіў яго ад шляхціча Яна Каспра Taрaсевіча. Забудова пасэсіі была знішчана пасля захопу горада маскоўскімі войскамі ў 1655 г. У кнізе гродзенскага магістрата захавалася апісанне ўчастка, які быў “голы, без будынкаў з мураваным домам і склепам мураваным падземным”. Нa пачатку XVIII ст. Ярашэвіч купіў пляц Самаша і аб’яднаў яго са сваёй сядзібай, на якой стаяла камяніца і карчма. У першай паловe XVIII ст. пасэсія перайшла да магнацкага роду Сангушкаў. Уласнікамі рынкавай пасэсіі з камяніцай, карчмой і драўляным домам былі вялікі літоўскі маршалак Павел Караль Сангушка (памёр у 1760 г.), яго сыны - надворны літоўскі маршалак Януш Аляксандр (памёр у 1775 г.) і маршалак вялікі літоўскі Юзаф Паўлін (памёр у 1781 г.). Тады ж тут месціўся гродзенскі кадэцкі корпус. У 1778 г. сядзіба з карчмой перайшла ва ўладанне надворнага літоўскага падскарбія, гродзенскага старасты Aнтонія Tызенгаўза. Пасля адхілення Tызенгаўза ад кіравання гродзенскай каралеўскай эканоміяй яго нерухомасці мелі перайсці да яго спадкаемцаў, аднак да гэтага не дайшло. У 1784 г. драўляны дом, які знаходзіўся на ўчастку, купіў Ян Кунц. У 1789 – 1795 гг. кaрчмой валодаў райца віленскага магістрата Лаўцэвіч, а камяніцай – Данкевіч. Часты пераход нерухомасці з рук у рукі прычыніўся да занядбання забудовы пляца. Таму генерал-губернатар Гродна, расійскі генерал-маёр Павел Цыцыянаў, у 1795 г. загадаў правесці “люстрацыю” будынкаў гэтага пляца, якія “стваралі пагрозу пажару”. У гэтым жа годзе, калі Ігнацы Тызенгаўз урэгуляваў пытанне даўгоў памерлага дзядзькі, пасэсія вярнулася ва ўладанне сям’і Тызенгаўзаў. Тут, у падвалах з нізкімі цыліндрычнымі скляпеннямі, у якіх у XVI ст. мясціліся залы старажытнай гарадской мураванай карчмы, туліліся найлепшыя гродзенскія вінярні. Згодна з І. Соркінай, у сярэдзіне 1880-х – першай палове 1890-х гг. камяніцай валодалі Кацэнэленбогены (у1886 г. – Сара Кацэнэленбоген), пазней Левінсоны (у 1903, 1907, 1910 гг.). У інвентарным вопісе нерухомай маёмасці за 1910 г. указваліся дзве домаўладальніцы: Хая Саламонаўна Левінсон і Соша Саламонаўна Тарлоўская. У 1886 г. дадзеная пасесія складалася з двухпавярховага дома з мезанінам, двухпавярховага флігеля, ледніка, сямі крамаў, двух склепаў, свірана і хлява. Уся маёмасць ацэньвалася ў 8400 руб. У 1910 г. на пляцы мясціліся: два дамы, два флігелі, свіран, хлеў, якія ацэньваліся ў 47 750 руб. Нерухомасць прыносіла домаўладальнікам значны прыбытак – больш за 5 тыс. руб. Яна выкарыстоўвалася напоўніцу: здача ў наём памяшканняў пад кватэры, гандаль (магазіны абутку, пушніны, бакалеі і каланіяльных тавараў, прыладаў для пісьма і інш.), майстэрню па вытворчасці абутку, аптэку, склады, банкаўскую кантору. Наймальнікамі памяшканняў для магазінаў і крамаў былі купцы Васіль і Мікалай Мураўёвы, мяшчане Шмуэль Руткоўскі, Моўша Снарскі, Шалом Крэніца, а таксама Высокер і Кандзіцкі. Уладальнікам банкаўскай канторы з’яўляўся Нахелій Флятэ. Аптэку ўтрымлівалі Кандратовіч (па звестках на 1894, 1895 гг.), Клінкаўштэйн (1903, 1910, 1915 гг.). Тут таксама знаходзіліся: кватэры прысяжнага паверанага Крамарава, аптэчная крама Л. Баткоўскага (1894 г.). З 1922 г. працавала крама канцтавараў Хацкеля Міроўскага. Згодна А. Госцеву, на пачатак ХХ ст. тут, на рагу вул. i пл. Савецкай (на той час Парадная плошча) месцiлася фотамайстэрня Л.М. Гельгора – выдатнага гродзенскага фотамайстара. У 1926 г. працавала цырульня “Michał i Władysław”, у 1934 г. – крама Г. Лініка па продажы швейных машын, друкарак, веласіпедаў, матацыклаў, радыёпрыёмнікаў, фота- і электратавараў. У 1937 г. – турыстычнае бюро “Orbis”. У 1945 г. тут адчынілася крама № 25 “Горпищепромторга”. Рашэннем выканкама Гарсавета ў Гродне ў чэрвені 1947 г. адчынілася ўніверсальная прамтаварная крама “Главособунивермаг”, якой былі перададзены две крамы: № 25 “Горпищепромторга” на вуглу вуліцы Савецкай і Савецкай плошчы з “прилегающим к нему пивным ларьком Треста столовых и ресторанов и чайной Военторга” і недабудаваная крама “ Горпищепромторга” па вуліцы Савецкай № 29. У лістападзе 1962 г. на першым паверсе гэтага дома адчынілася дыетычная сталоўка. У 1972 г. у будынку працавала цырульня № 2 гарбыткамбіната. Па стану на 1982 г. – крама “Союзпечать”. 23. Советская, 3 - – Дом Тарлоўскага. Год пабудовы – 1880, 1890, 1914. Перабудоўваўся ў 1924 і 1933 гг. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам. Першы паверх займаюць прадпрыемствы гандлю, другі адведзены пад жыллё. Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная, сіметрычная. Паверхі аддзелены гарызантальнай цягай, цэнтральная і флангавыя часткі вылучаны рызалітамі. На другім паверсе – тры балконы з чыгуннымі літымі агароджамі. Аконныя і балконныя праёмы другога паверха, а таксама размешчаны па цэнтры першага паверха праезд — лучковай канфігурацыі. Эклектычная пабудова спалучае аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю класіцызму і дэкаратыўныя элементы барока. Тут размяшчаліся: банкірская кантора купца Тарлоўскага (1894 г.), камера судовага следчага па важных справах, Паўночнае страхавое таварыства (1895 г.), крамы, пякарня, склеп садавінны, дванаццаць кватэр. У кастрычніку 1944 г. абутковая і кравецкая майстэрні на першым паверсе былі выселены на вул. Акадэмічную № 2, а замест іх памяшканне заняла кантора “Военторга”. У канцы мая 1945 г. тут быў адчынены “пункт для скупки у населения предметов широкого потребления и домашнего обихода с немедленной оплатой наличными деньгами”. У верасні 1945 г. “Военторгу” было прапанавана вызваліць два пакоі, якія займалі майстэрні па рамонту друкавальных машынак і веласіпедаў “для организации “Американки” артели “Красная звезда”. У 1964 г. у доме працавала фотаатэлье № 4 “Горбыткомбината”, затым – гарнізонны ўнівермаг. Пасля пераезда ўнівермага ў 1966 г. у новы будынак па праспекце Касманаўтаў тут адкрылася крама аблкнігагандлю “Ученика и учителя”. У маі 1968 г. было прынята рашэнне аб арганізацыі крамы “Белювелирторга” па продажы тавараў за валюту. 24. Советская, 5 - – Дом Шарашэўскага, дом Багуміла. Асноўны аб’ём дома пабудаваны паміж 1795 і 1812 г. У 1848 г. перабудаваны. С-падобны ў плане будынак. Эклектыка. Меў высокі двухскатны дах з мансардамі. У 1886 г. прыбудаваны мураваны свіран і хлеў, якія ў 1910 г. былі перароблены ў флігелі. У пачатку ХХ ст. дом быў атынкаваны. Першы паверх дома меў парадны ўваход, аздоблены паўкалонамі (лапаткамі). Раней тут размяшчаліся майстэрні, крамы, 14 кватэр. У тым ліку кватэры прысяжнага паверанага, памочніка прысяжнага паверанага Яноўскага, вольнапрактыкуючага ўрача Гажанскага (1894 г.), акушэркі Шарашэўскай-Эйпшыц (1915 г.). З 1881 г. у будынку размяшчалася фотамайстэрня Моўшы Гершавіча Кушнера. У 1926 г. у доме жыў Абрахам Ліпнік – галоўны ўрач яўрэйскага шпіталя і ардынатар гарадскога шпіталя. Працавала тытунёвая крама Д. Файвушовіча. У 1961 г. арачны праезд паміж дамамі № 5 і № 7 быў рэканструяваны: у адной палове аркі размясцілася кафэ-марожанае, а ў другой – складскія памяшканні крамы. Зараз на першым паверсе – прадпрыемствы грамадскага харчавання, другі паверх жылы, у праездзе дома – грыль-бар (з 2009 – музычная крама). 24. 17 Сентября, 54, 58 – Драўляныя. Прыклады канструктывізму. 25. 17 Сентября, 59/2, 59/4, 59/6, 58/8 а, 59/8 б – Пабудаваныя ў XX ст. (па іншых звестках у 1920-я гг.). Аднапавярховыя, неатынкаваныя, з жоўтай цэглы дамы, якія складаюць адзіны ансамбль. Карніз аздоблены сухарыкамі, лучковыя перамычкі вокнаў з замкамі. Прыклады цаглянай эклектыкі. Знаходзяцца на былой вуліцы Фабрычнай. 26. Маркса, 5 – Дом Касцялкоўскіх. Год пабудовы – 1870. Двухпавярховы атынкаваны цагляны дом, дэкаратыўная аздоба якога сканцэнтравана на другім паверсе параднага фасада будынка (першы паверх яе страціў пасля шматлікіх перабудоваў). Карніз і дэкарацыйны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі і сандрыкамі з замкамі, міжаконныя прасценкі расчленены шматпластовымі пілястрамі. Фасад на першым паверсе мае аркавы праезд і рэшткі параднага ўвахода. Фасад мае два балконы, якія страцілі першапачатковы выгляд літых чыгунных кратаў. Будынак – прыклад “эклектыкі” ў ансамблі. Першапачаткова камяніца належала Касцялкоўскім, пазней – Фількевічам. Тут жыў гісторык С. Касцялкоўскі, вольнапрактыкуючы ўрач Маісей Вольф (1903 г.), вольнапрактыкуючы ўрач Энгельгард (1915 г.). Працавалі: аптэчная крама Развадоўскага і Атовіча (1895 г.), крама Берты Тыпограф (з 1919 г.), цырульня Каятана Савінскага, крамы Абрама Віліна, Тыпограф Берты і Квінты Стэфані (1928 г.), аптэчны склад Эліі Лацкага (1938 г.). 27. Маркса, 9 - Дом Іофэ. Год пабудовы – 1904. Атынкаваны цагляны дом, дэкаратыўная аздоба якога сканцэнтравана на другім паверсе параднага фасада будынка. Карніз і дэкарацыйны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі і сандрыкамі. Дэкарацыйная аздоба моцна пацярпела падчас капітальнага рамонта: зменены перакрыцці бакавога аркавага праезда, зменены са стратай дэкора вокны, нават на другім паверсе. Затое застаўся па цэнтры некрануты літы чыгунны балкон і гіпсавы партал увахода на яго. Будынак – прыклад эклектыкі ў ансамблі. Прыватны дом вольнапрактыкуючага зубнога ўрача Іофэ. Акрамя таго, дом пэўны час належаў Міхелю Сярэбранаму. У 1928 г. тут працавалі крамы капялюшаў Шніткес Эйдля, і Страсберга Ісака – па продажы пер’я. У 1950 г. – “ОРС облстройтреста”. У 1970 г. – крама “Кристалл”. 28. Волковича, 5а – – Пабудаваны ў пачатку XX ст. Аднапавярховы драўляны дом з мезанінам на абодва фасады. Сцены ашаляваны гарызантальна вагонкай, пад вокнамі вертыкальна, вокны, стаўні і дзверы маюць філёнгавае абрамленне. Бакавыя франтоны і фасады мезаніна былі аздоблены падзорам, вільчыкам страхі з гіркай і арабескавай прапілоўкай. Таксама адзначаныя фасады ўпрыгожаны дэкарацыйным поясам, які ўтвораны накладной вертыкальнай шалёўкай з прапілаванымі канцамі складанай формы. Каштоўнасць таксама ўяўляюць ліштвы, тонка прапілаваныя арабескамі, а таксама кансолі дваровага ганка. У 1940 – 1941 гг. тут, магчыма, жыў беларускі гісторык Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч). 29. Антонова, 5 – Пабудаваны ў пачатку XX ст. Аднапавярховы драўляны будынак. 30. Маркса, 7 – Дом Аўгусевіч. Год пабудовы – 1870. Двухпавярховы атынкаваны цагляны дом, дэкаратыўная аздоба якога сканцэнтравана на другім паверсе параднага фасада будынка (першы паверх яе страціў у выніку шматлікіх перабудоваў). Карніз і дэкарацыйны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі і сандрыкамі. Па цэнтры фасад мае аркавы праезд, над якім літы чыгунны балкон. Будынак – прыклад эклектыкі ў ансамблі. У 1910 г. – гатэль “Венскі” (да гэтага, магчыма, гатэль “Кіеўскі”), цукерня. На канец 1920-х апякун камяніцы Караль Гутман пражываў у Варшаве. З 1914 г. працавала спажывецкая крама Разаліі Панасюк. У 1922 г. – “Polski dom handlowy”. У 1928 г., магчыма, працавала цукерня “Michał Racki i S”. 31. Советская, 13 – Дом Шаі Пік. Пабудаваны паміж 1811 і 1831 гг. Перабудаваны ў 1900 г. Трохпавярховы, Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам. Высокі атык узвышаецца на паўпаверхі над суседнім будынкам. У левай частцы фасада праезд у двор. На другім і трэцім паверхах па цэнтры размешчаны балконы. Усе праёмы лучковыя, з ліштвамі. Развіты карніз невялікага вынасу. Прыклад эклектычнай архітэктуры з перавагай элементаў класіцызму. У 1831 г. каменны дом, які меў мінімум два паверхі (на плане паказаны праезд у двор). Паводле малюнка Н. Орды 1860-х гг., дом меў высокі дах, крыты дахоўкай. Прычым трэці паверх быў мансардны. У 1960-я гг. да 4-га паверха быў дабудаваны флігель. У 1884 г. домам валодаў Шаі Пік – уладальнік мэблявай крамы. У 1886 г. Шаі Пік ужо купец, валодае трохпавярховым домам з лаўкаю і асобным двухпавярховым домам на Калючынскай вуліцы. У 1910 г. домам валодаў ужо Моўша Шаевіч Пік, прычым дом з фасадам на сённяшняй вул. Савецкай меў восем кватэр, і ў ім размяшчаліся лаўкі Піка і Левіна, тады як флігель быў поўнасцю заняты складам мэблі. Паводле пашпарта 1924 г., домам валодала Хана-Фейгла Пік. У дамах размяшчалася 14 кватэр, склад мэблі, крама, атэлье Хошы Сегел і мэблевая крама Якава Піка. У жніўні 1944 г. на першым паверсе былі адчынены крама № 2, абутковая і швейная майстэрні. Частка памяшканняў дома № 13 была перададзена пад рабочы клуб “Управления строительно-восстановительных работ” Беластоцкай чыгункі. У сакавіку 1946 г. на першым паверсе адчынілася камерцыйная хлебная крама. У 1956 г. тут працавала крама “Одежда”. Рашэннем Гарвыканкама ў красавіку 1968 г. памяшканні, якія займала інспекцыя “Госстраха”, былі перададзены фабрыцы па рамонту абутка і хімчыстцы пад майстэрню бытавога абслуговання насельніцтва. 32. Б.Троицкая, 23 – – Год пабудовы – 1890. Двухпавярховы, доўгі, цагляны, хутчэй за ўсё спачатку не атынкаваны, дом. Карніз і дэкарацыйны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з лучковымі перамычкамі і падаконнымі цаглянымі ліштвамі. За час эксплуатацыі дом страціў арыгінальныя балконы, а таксама аздобу вузкага параднага фасада, які выходзіў на рынак. Будынак – прыклад “цаглянага” стылю. 33. Волкова, 1 / Батанічная № 6 – Дом Гельснера, дом А. Мінкавай-С. Яблакава, казармы ў прыватных дамах, гарадскі шпіталь, публічная агульная школа № 6 імя каралевы Ядвігі, беларуская школа, прыродазнаўчы музей, сярэдняя школа № 2, Гродзенскі вячэрні філіял Мінскага палітэхнічнага тэхнікума, бухгалтарская школа, музвучылішча, Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Пабудаваны ў 1898 – 1902 гг. Цагляная эклектыка. Двухпавярховы, неатынкаваны, на высокім цокалі, з жоўтай цэглы, П-падобны, са зрэзанымі вугламі будынак, які параднымі фасадамі выходзіць адразу на тры вуліцы. Карніз масіўны, са складаным рытмам, мае зубчастае завяршэнне. Вокны з лучковымі перамычкамі, замкамі і падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Цэнтры парадных фасадаў (дзе знаходзяцца ўваходы з нішамі), а таксама куты будынка падкрэслены імітацыяй рэзалітаў, утворанай руставаннем і рытмам лапатак. Гладкія прасценкі і скошаныя вуглы аздоблены каванымі балконамі (з васьмі захавалася тры). Аркавы праезд ва ўнутраны двор абсталяваны на адным з фасадаў, парушае заданы рытм. Будынак – яскравы прыклад цаглянага стылю ў ансамблі. На карце 1912 г. пазначаны, як “казармы ў прыватных дамах”. Тады ж тут знаходзіўся гарадскі шпіталь і кватэра прысяжнага паверанага Бажанава. У 1924 г. гаспадары будынка – А. Мінкава і С. Яблакаў – прадалі яго гораду. У 1924 – 1925 гг., тут адкрылася сямігадовая жаночая “Публічная агульная школа № 6 імя Каралевы Ядвігі”. Першым яе дырэктарам стала Ю. Пятроўская. Акрамя таго, у 1926 г. тут працавала сямігадовая школа імя А. Міцкевіча (дырэктар – М. Верушэўскі). Прыкладна з 1925 г. і да свайго закрыцця ў 1927 г. будынак быў апошнім прытулкам гродзенскай беларускай школкі. Загадам ГарАНА ў студзені 1940 г. школа каралевы Ядвігі рэарганізавана ў агульнаадукацыйную школу № 2 з польскай мовай выкладання. Дырэктарам савецкай школы быў прызначаны К. Труфанаў. У часе нямецкай акупацыі будынак школы выкарыстоўваўся ў якасці склада школьных прыналежнасцей, што былі звезены сюды з усяго горада. У 1946 г. – гродзенскі філіял Беларускага рэспубліканскага вучэбнага камбіната. Акрамя таго, з сярэдзіны 1920-х гг. тут месціўся гарадскі музей прыроды. Яшчэ да Першай сусветнай у Гродна прадпрымаліся спробы стварыць музей прыроды (калецыю матылёў збіралі граф Атаназій Мячынскі і барон фон Станге (расійскі чыноўнік родам з Латгаліі); Маўрыцый О’Брыен дэ Ласі збіраў калекцыю мясцовых птушак, Уладзімір дэ Вірыён з Лішак – насякомых і г.д.). У часе вайны амаль усе гэтыя калекцыі загінулі (калекцыя дэ Ласі была знішчана немцамі, калекцыю Станге польскія войскі канфіскавалі для музея ў Белавежы). Пачынальнікам музея стаў Станіслаў Жыўна. Яшчэ ў 1908 г. С. Жыўна эміграваў у Амерыку, дзе працаваў на пасадзе прэпаратара ва ўніверсітэце штата Канектыкут. Неўзабаве ён пачаў калекцыянаваць экспанаты і за некалькі гадоў сабраў багатую калекцыю. Пазней ён вярнуўся на радзіму. 24 ліпеня 1924 г. гарадская Рада Гродна прыняла рашэнне аб стварэнні музея прыроды на аснове гэтых збораў, а дырэктарам яго быў прызначаны С. Жыўна. Першапачаткова калекцыю размясцілі ў двух пакоях пажарнай аховы. Музей быў адкрыты 21 лістапада 1926 г. і першапачаткова налічваў амаль 3 тыс. экспанатаў. 1 студзеня 1937 г. у музеі налічвалася ўжо 7288 экспанатаў. Утрымліваўся музей за кошт бюджэта горада. У лютым 1947 г. тут быў адчынены прыродазнаўчы філіял Гродзенскага дзяржаўнага музея. Адным з вядучых супрацоўнікаў музея з’яўляўся А. Звяржэвіч. У 1953 г. мясцовы камітэт музея, выдаючы А. Звяржэвічу дакументы для афармлення пенсіі, запісаў у пратаколе: “Асаблівай заслугай перад вобласцю і рэспублікай з'яўляецца самаадданая праца Звяржэвіча ў цяжкія гады часовай акупацыі Гродна, калі ён, не атрымліваючы зарплаты, адзін здолеў захаваць ад разрабавання багацейшыя калекцыі.” Пазней музей прыроды быў пераўтвораны ў філіял Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а самі экспанаты перавезены ў Стары Замак. У 1960 г. у будынку знаходзіліся гродзенскі вячэрні філіял Мінскага палітэхнічнага тэхнікума ды інтэрнат абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1967 г. школа № 2 была пераведзена ў новы будынак і яе месца занялі іншыя ўстановы адукацыі. 34. Богдановича, 9 – Дом Рейнгарда. Пабудаваны напрыканцы ХІХ ст. Аднапавярховы драўляны дом з мезанінам на абодва фасады, накрыты двухскатным бляшаным дахам. Сцены ашаляваны гарызантальна вагонкай, вокны, стаўні і дзверы маюць філёнгавае абрамленне. Будынак – шэраговы прыклад драўлянай забудовы ў ансамблі. 35. Советская, 6 - гродзенскі дамініканскі кляштар, дамініканская школа, гродзенская дамініканская гімназія, гродзенская губернская мужчынская гімназія, мужчынская класічная гімназія імя генерала Тормасава, настаўніцкая семінарыя Польскай мацежы школьнай, дзяржаўная педагагічная бібліятэка, двухкласная народная школа для дзяцей фольксдойчэ, аднакласная народная школа для райхсдойчэ (1943 г.). Узведзены ў 1735 г. з цэглы айцом Т. Ганусевічам замест ранейшага драўлянага. Архітэктар – Л. Грынцэвіч. У 1760-я гады будынак дабудаваны ўздоўж вуліцы. Двухпавярховы, складаны ў плане аб’ём, вырашаны па схеме, характэрнай для архітэктуры класіцызму. Галоўны фасад вылучаны рустоўкай цэнтральнай часткі першага паверха і завершаны трохвугольным франтонам, карніз якога падтрымліваюць дэнтыкулы. Накрыты двухсхільным дахам. Паверхі на фасадзе размежаваны прафіляваным паяском. Прамавугольныя вокны другога паверха завершаны сандрыкамі і невялікімі франтончыкамі. Бакавыя крылы раскрапаваны пілястрамі і завершаны ступеньчатым атыкам. Сістэма планіроўкі калідорная. Будынак кляштара па вуліцы Віленскай, які месціў гімназію, упершыню перабудоўваўся ў 1836 г. У 1860-х гг. зноў быў праведзены рамонт, падчас якога на фасадзе зніклі цэнтральныя пілястры, але яны з'явіліся ў бакавых частках. Замест атыка цэнтр фасада ўпрыгожваў франтон. Чарговы рамонт у 1880-х гг. зноў змяніў фасад гімназіі. Аўтарам новага праекта стаў архітэктар Санкт-Пецярбургскага страхавога ад агню таварыства К. Гейнэ. Дзякуючы яго праекту на фасадзе з’явілася ляпніна, на франтоне быў размешчаны вялізны арол, профілі франтона былі заменены сандрыкамі. Наступныя значныя змены адбыліся пасля Другой сусветнай вайны, калі будынак гімназіі быў прыстасаваны пад жылыя кватэры. Гродзенская школа, якую ўтрымлівалі дамінікане, з 1797 г. стала называцца ўезднай шляхецкай школай. У 1801 г. у школе працавала сем настаўнікаў. Усе настаўнікі, акрамя выкладчыка нямецкай мовы Дамініка Браўна, былі прадстаўнікамі шляхты і мелі духоўнае званне. Прэфектам школы быў Ян Стырпейка (1797 – 1803 гг.). У 1802 г. быў прызначаны першы губернскі дырэктар школ ксёндз Юзаф Касакоўскі. Візітатарам стаў ксёндз пралат Ксаверы Богуш. Па дадзеных “Ведамасці аб вучылішчах” з 1 студзеня 1803 г. у Гродзенскай школе штат настаўнікаў павялічыўся да 9 чалавек, якія навучалі 160 вучняў. Прэфектам стаў настаўнік права Мікалай Ждановіч. Паводле інвентара кляштара 1804 г. даведваемся, што ў кляштары, апрача бібліятэкі, якая налічвала каля 10500 тамоў, была таксама хімічная лабараторыя, якая размяшчалася на першым паверсе. Ад Віленскай вуліцы размяшчалася дваццаць келляў для манахаў. У класах былі некалькі вялізных глобусаў, зробленых айцамі дамініканамі, і багатыя навучальныя зборы (тэлескопы, калекцыі мінералаў, гербарыі і чучалы звяроў). У 1817 г. у гімназіі навучаўся ўжо 301 вучань. У 1825 г. школе надалі ранг дамініканскай 4-класнай гімназіі, пры якой утварылі трохкласную уездную школу. Гэта набліжала гімназію да класічных (было ўзмоцнена навучанне лацінскай і грэчаскай мовам), аднак было ўведзена і навучанне рускай мове, якая раней не была абавязковым прадметам. Быў прызначаны спецыяльны настаўнік рускай мовы і праваслаўны святар. У 1831 г. гімназія і школа пры ёй былі зачынены, але ў тым жа годзе аднавілі сваю дзейнасць. Ужо ў 1832 г. 14 настаўнікаў навучалі 79 вучняў у гімназіі і 155 вучняў ва ўезднай школе. Прэфектам школы ў гэты час з’яўляўся Кандзід Зяленка (першы дырэктар публічнай бібліятэкі, пазней сасланы ў Арэнбург). За актыўны ўдзел у антыдзяржаўных выступленнях гродзенскі генерал-губернатар князь Даўгарукi загадаў лiквiдаваць гродзенскi дамiнiканскi кляштар з гiмназiяй пры iм i перадаць манастырскiя будынкi ў ведамства народнай адукацыi для заснавання ў Гродне свецкай гiмназii. У гімназіі прайшлі арышты навучэнцаў і выкладчыкаў. 6 красавiка 1834 г. была адкрыта Гродзенская мужчынская гiмназiя. Гэта была ўжо зусім новая навучальная ўстанова, галоўнай мэтай якой было выхаванне моладзі ў духу адданасці расійскай уладзе. На адкрыцці ўстановы прысутнічаў губернатар Мураўёў. У гімназіі пакінулі толькі двух выкладчыкаў “польскага паходжання”, каб выкладаць польскую мову. Польская мова выкладалася да 1840 г., пасля быў перапынак да 1857 г., у 1865 г. выкладанне польскай мовы было спынена канчаткова. Пры гiмназii iснавала ланкасцерскае вучылiшча, якое выконвала ролю падрыхтоўчага. Усё выкладанне i перапiска iшлi на рускай мове. У сваiм водгуку 12 чэрвеня 1833 г. губернатар Мураўёў знаходзiў “помещения классов темными и тесными; в некоторых классах нет места для скамеек и многие ученики во время уроков должны стоять”. У 1834 г. гімназія атрымала новы бюджэт (стала ўтрымлівацца за дзяржаўны кошт), а ў 1835 г. новую назву – губернская гімназія. У 1852 г. куратар віленскай акругі генерал Бібікаў дазволіў краязнаўцу і археолагу графу Яўстаху Тышкевічу забраць цікавыя рэчы з гімназіі для віленскага музея. Між іншых рэчаў тут былі фарфоравы бюст Станіслава Аўгуста, карціны, часткі даспехаў, старажытныя кнігі і дакументы. Гімназісты прынялі актыўны ўдзел у паўстанні 1863 – 1864 гг. і падзеях, якія яму папярэднічалі. Гімназісты выбілі вокны ў кватэры інспектара гімназіі Л. Макса, “мяўкалі” падчас выезду з Гродна губернатара Шпеера. А ў нядзелю 8 кастрычніка 1861 г. спявалі ў касцёле нацыянальны гімн. За гэта з гімназіі звольнілі трох студэнтаў: Разьбіцкага, Раштэйна і Ромера. У сакавіку 1863 г. каля 24 гімназістаў на чале з кіраўніком гродзенскай чыгуначнай станцыі Кульчыцкім збіраліся на цягніку выехаць з Гродна ў бок станцыі Парэчча, каб далучыцца да атрада Нарбута. Аднак на вакзале пачалася страляніна, расійскія войскі акружылі станцыю і схапілі большую частку гімназістаў. Усе яны былі сасланы ў Сібір. У канцы сакавіка 1863 г. быў арыштаваны і пасля высланы ў Сібір апошні выкладчык польскай мовы ў гімназіі Станіслаў Навакоўскі. У 1865 г. гiмназiя была пераўтворана ў класiчную з дзвюма старажытнымi мовамi. У 1871 г. была праведзена новая рэформа гiмназiй i прагiмназiй. Нягледзячы на вонкава “рускі дух” гімназіі, навучэнцы працягвалі актыўна ўдзельнічаць у антыўрадавай дзейнасці. Яшчэ ў 1893 г. гімназісты спрабавалі наладзіць кантакты з рэвалюцыйна настроенымі расійскімі афіцэрамі. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у гімназіі дзейнічала нелегальнае кола польскай моладзі. У снежні 1905 г. адбылася забастоўка студэнтаў гродзенскай гімназіі. Пры тым сярод арганізатараў і актыўных удзельнкаў забастоўкі былі палякі Баляслаў Лісоўскі і Міхал Панкевіч, рускія Аляксандр Смаляк і Аляксандр Дзякаў, яўрэі Цыпкін і Альцынберг. Вялікую актыўнасць праяўлялі гімназісты ў працы польскіх, яўрэйскіх, расійскіх і беларускіх рэвалюцыйных партый. 20 кастрычнiка 1913 г. мiнiстрам народнай адукацыi была прынята праграма па пабудове неабходных памяшканняў для мужчынскiх гiмназiй без пансiянатаў. Згодна з гэтай праграмай, у гiмназii прадугледжвалiся жылыя памяшканнi, якiя ўключалi кватэры дырэктара, iнспектара, памочнiка класнага настаўнiка i пiсьмавадзiцеля. У будынку дамініканскай гімназіі знаходзілася вялікая бібліятэка (каля 20 тысяч тамоў), якая пасля ліквідацыі ордэна езуітаў у 1773 г. папоўнілася часткай кніжак гродзенскага калегіума. Тут выкладалі: маляванне, чарчэнне і чыстапісанне – мастак Якаў Зянковіч, гісторыю – Я. Арлоўскі. Вучыліся тут: брат К. Каліноўскага Віктар, гісторык У. Латышаў, філосаф А. Макавельскі. У 1926 г. у будынку працавала дзяржаўная жаночая васьмікласная гімназія імя Эміліі Плятэр і мужчынская настаўніцкая семінарыя, кніжная крама і склад школьных прыналежнасцей “Ognisko”. З 1939 г. да чэрвеня 1941 г. у будынку працавала школа № 11. 8 чэрвеня 1942 г. была адкрыта школа для дзяцей фольксдойчэ ў Гародні, якія да гэтага часу атрымоўвалі прыватныя ўрокі нямецкай мовы ў настаўнікаў польскага паходжання ці фольксдойчэ. Школа размясцілася ў будынку былой прыватнай гімназіі і ліцэя польскага школьнага саюза “Polska Macierz Szkolna” па адрасу Танненбергштрасэ, 6. Школа знаходзілася збоку ад вуліцы. Да яе прылягала вялікая пляцоўка, “якой цалкам дастаткова для знаходжання дзяцей падчас школьных перапынкаў, яна выкарыстоўваецца і як пляцоўка для гімнастыкі і адпавядае ўсім іншым патрабаванням. Канструктыўны стан будынку быў бездакорны. У наяўнасці мелася 8 класных памяшканняў на першым і другім паверхах, да гэтага неабходна дадаць яшчэ 2 дапаможных класа ў мансардзе. Да гэтага ж зямельнага ўчастку адносіліся 2 наступных будынкі, якія маглі быць выкарыстаны ў якасці кватэр для выкладчыкаў ці інтэрната для вучняў”. Усяго ў школу першапачаткова было запісана 62 вучні. Разам з існаваннем школы для фольксдойчэ ўлетку 1942 г. абмяркоўвалася пытанне аб адкрыцці нямецкай народнай школы ў Гродне. Мэтай школаў для немцаў было аб’яднанне дзяцей і садзейнічанне набыццю імі нямецкай самабытнасці. У 1943 г. у Гродне ўжо існавалі народная і прыватная школы для райхсдойчэ. Прычым аднакласная народная школа для райхсдойчэ знаходзілася ў тым жа будынку, што і двухкласная народная школа для дзяцей фольксдойчэ. Гродзенская прыватная школа для райхсдойчэ налічвала прыкладна 25 навучэнцаў (вясна 1943 г.). Агульнае кіраўніцтва школай было ўскладзена на фройляйн Сук – “падрыхтаваную і здольную”, якая таксама вяла заняткі па чытанні і пісьме. Па стане на 1954 г. у будынку працаваў калбасны цэх мясакамбіната. Зараз – жылыя памяшканні. Праект рэканструкцыі будынка знаходзіцца ў распрацоўцы. У пачатку ХХ ст. за гімназіяй знаходзіліся адрамантаваныя мураваныя дамы з амбарам і стайняй на падворку купца Ізраэля Закгэйма з крамай Каплана, новай банкаўскай канторай Гурвіч і магазінам гаспадара.
|